Jump to Navigation

Прадпрымальнікі ГЦ «Паркінг» гатовы выйсці на вуліцу і пратэставаць

Прадпрымальнікі сталічнага гандлёвага цэнтра «Паркінг» гатовы выйсці на вуліцу і пратэставаць супраць рэзкага павышэння кошту арэнды.
Пра гэта заявіла член Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі, старшыня савета ІП у ГЦ «Паркінг» Кацярына Чыжык.

Паводле яе слоў, яшчэ 27 сакавіка ўласнікі «Паркінга» праінфармавалі індывідуальных прадпрымальнікаў аб тым, што 1 красавіка кошт арэнды павялічыцца ў тры разы — з 415 тыс. да 1 млн. 180 тыс. рублёў за квадратны метр.

Аднак пасля падпісання прэзідэнтам 29 сакавіка ўказа № 150 «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю» ўласнікі перагледзелі сваю пазіцыю і прынялі рашэнне павялічыць кошт арэнды да 85 еўра за квадратны метр (крыху больш за 920 тыс. рублёў).

Як растлумачыла Чыжык, паводле ўказа фарміраванне арэнднай платы за гандлёвыя месцы на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, што знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі Грамадзянскага кодэкса па ўзгадненні бакоў. «І ўласнікі „Паркінга“ вырашылі адразу рэзка павялічыць кошт арэнды», — адзначыла прадпрымальнік.

Паводле слоў Чыжык, уладальнікі гандлёвага цэнтра раздалі арандатарам дадатковыя пагадненні, прымусова навязаўшы цану 85 еўра за квадратны метр. Пры гэтым ІП паведамілі, што непадпісанне дадатковага пагаднення пацягне скасаванне арэнднага дагавора ў аднабаковым парадку. «Нам далі тэрмін выплаціць усё да 5 красавіка», — удакладніла Чыжык.

Насуперак патрабаванням арандадаўцы, сходам ІП, паводле слоў Чыжык, было прынята рашэнне аплаціць арэнду ў адпаведнасці з дагаворам, падпісаным абодвума бакамі тэрмінам на год, да снежня 2012 года, у якім зафіксаваны кошт квадратнага метра ў 415 тыс. рублёў.

Аднак уласнікі «Паркінга» апавясцілі прадпрымальнікаў, што сумы, аплачаныя арандатарамі па ранейшых стаўках, будуць залічаны на рахунак камунальных плацяжоў і не будуць разглядацца як плата за арэнду гандлёвых месцаў.

Дзеянні ўладальнікаў «Паркінга» Чыжык лічыць бязмежжам. «Калі ён уласнік, то ён што, мае права аднамомантна рэзка павялічыць кошт арэнды, хоць дагавор заключаны на год?» — запытала Чыжык.

Паводле яе слоў, «кошт арэнды, што навязваецца ІП, неадэкватны і з’яўляецца вельмі гібельным для дробнага бізнесу». «Паркінг» быў зацікаўлены ва ўзбуйненні гандлёвых месцаў. У выніку кожны прадпрымальнік сёння арандуе гандлёвыя месцы плошчай 15–20 квадратных метраў. З улікам новай арэнды затраты атрымліваюцца велізарнымі«, — канстатуе Чыжык.

Не жадаючы мірыцца з такім становішчам, ІП гандлёвага цэнтра ўжо звярнуліся са скаргай у Мінгарвыканкам і да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Тура.

Паводле слоў Чыжык, прадпрымальнікі часова спынілі працу і гатовы выйсці на вуліцу з пратэстамі, каб прыцягнуць увагу грамадскасці і ўлад да праблемы арэнды.

«Але ўсё ж ёсць надзея, што праблему атрымаецца ўрэгуляваць мірным шляхам. Цяпер, на самой справе, не хочацца пратэставаць, усе хочуць проста працаваць у нармальных умовах», — падкрэсліла Чыжык.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.

http://nn.by/?c=ar&i=71267




by Dr. Radut.