Jump to Navigation

Пасля капрамонту жыхароў абавяжуць ствараць таварыствы ўласнікаў

ЖКГ шукае спосабаў перакласці на людзей адказнасць за стан будынкаў.

Праект указа Прэзідэнта па стварэнні таварыстваў уласнікаў пасля капітальнага рамонту дамоў знаходзіцца на ўзгадненні ў Камітэце дзяржаўнага кантролю. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Уладзімір Раянтовіч на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

У Беларусі стварэнне таварыстваў уласнікаў пасля капітальнага рамонту дома будзе абавязковым. «Рыхтуецца праект указа Прэзідэнта, які прадугледжвае ў абавязковым парадку стварэнне па ініцыятыве заказчыка, які праводзіць капрамонт, таварыстваў уласнікаў жылых дамоў, — сказаў Уладзімір Раянтовіч. — Мінгарвыканкам гэты дакумент ўзгадніў, праект указа знаходзіцца на ўзгадненні ў Камітэце дзяржаўнага кантролю».

Паводле слоў гендырэктара, формы абслугоўвання жылфонду будуць вызначаць таварыства ўласнікаў. «Хутчэй за ўсё, усе будуць прымаць рашэнні на карысць абслугоўвання жыллёвымі службамі. Таму мы і ўносім прапанову: выдаткі па абслугоўванні месцаў агульнага карыстання перакладаць на ўласнікаў жылога дома», — адзначыў Уладзімір Раянтовіч.

Цяпер у Мінску, па яго словах, робяцца першыя крокі па ўкараненні механізму зніжэння бюджэтных затрат на ўтрыманне жыллёвага фонду. У прыватнасці, перад правядзеннем капітальнага рамонту дома з усімі жыхарамі заключаюцца дагаворы. У дадатковых умовах прадугледжваецца здача дамоў і пад’ездаў на самазахаванне жыхарам. «Гэта адзін з этапаў і тое, да чаго мы імкнемся — зніжэнне аб’ёмаў бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне жылога фонду. Пасля правядзення капрамонту 5 гадоў месцы агульнага карыстання абслугоўваюцца за сродкі насельніцтва», — інфармаваў кіраўнік аб’яднання.

Пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце арганізаваны курсы па навучанні старшыняў таварыстваў уласнікаў. Усе старшыні таварыства ўласнікаў па ўказе прызначаюцца на пасаду толькі пасля праходжання адпаведных курсаў.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў адпаведным службам мэрыі актывізаваць працу з таварыствамі ўласнікаў, прыцягваць іх да ўдзелу ва ўсіх значных мерапрыемствах, якія праводзяцца па пэўнай тэматыцы (пытанні забудовы, ўшчыльнення тэрыторый і інш.)

На абслугоўванні ЖРЭА сталіцы знаходзяцца амаль 6,5 тыс. жылых дамоў агульнай плошчай 31,6 млн.кв.м. 85% жылфонду горада знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян.

http://nn.by/?c=ar&i=71198




by Dr. Radut.