Jump to Navigation

Чаму ўлады перадумалі прадаваць «Беларуськалій»?

Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў кошт «Беларуськалія» ў суме 30 мільярдаў даляраў і заявіў, што пакуль няма неабходнасьці сьпяшацца зь яго прыватызацыяй.

Чаму беларускія ўлады перадумалі прадаваць Беларуськалій? Ці павінен заставацца дзяржаўны кантроль над такімі стратэгічнымі прадпрыемствамі, ці іх можна аддаць у прыватныя рукі? Наколькі адэкватнай выглядае цана 30 мільярдаў даляраў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Ці можна расцэньваць словы кіраўніка дзяржавы як сьведчаньне таго, што на дадзены момант у беларускай улады няма вострай неабходнасьці нешта тэрмінова прадаваць, і таму прыватызацыя «Беларуськалія» пакуль адкладзена?

Крук: Менавіта так. Эканамічныя ўлады разглядаюць прыватызацыю найперш з пункту гледжаньня таго, колькі грошай гэта можа прынесьці. А такія мэты прыватызацыі, як падвышэньне эфэктыўнасьці, заваяваньне новых рынкаў і прыцягненьне інвэстыцыяў — зьяўляюцца другаснымі. Сапраўды, пасьля продажу «Белтрансгазу» і пагадненьняў з Расеяй патрэба ў грошах ужо не такая вялікая на бліжэйшы час, і таму, пагаджуся, што гаворка пра прыватызацыю «Беларуськалія» будзе адкладзеная на наступнай вострай патрэбы ў грошах

Як вы стратэгічна ставіцеся да ідэі прыватызацыі «Беларуськалія?» Ёсьць устойлівае меркаваньне — ня толькі, дарэчы, у прадстаўнікоў улады, — што такі прыродны рэсурс нельга аддаваць пад кантроль прыватнага інвэстара, тым больш замежнага? Ці вы згодныя, што дзяржава павінна пакінуць рычагі кіраваньня ў такой сфэры ў сябе?

Крук: На мой погляд, сапраўды, у натуральных манаполіях можа ісьці гаворка, што такая ўласнасьць павінна заставацца ў руках дзяржавы, і калі такое прадпрыемства ёсьць стратэгічным, то ўзьнікае дадатковы аргумэнт на карысьць дзяржаўнай формы ўласнасьці. Але што тычыцца «Беларуськалія», то некаторыя адмыслоўцы ўжываюць наступныя аргумэнты: зараз даволі добрая сытуацыя на рынку калійных угнаеньняў, і прыватызацыя дазволіць стварыць амаль аднолькавае новае прадпрыемства, бо мы маем дастатковыя запасы калійных угнаеньняў. То бок гэта можа быць проста атрыманьне грошай, якія могуць быць інвэставаныя ў новую вытворчасьць.

Лукашэнка зноў назваў суму 30 мільярдаў даляраў, якую, ён здаецца, узяў «са столі», — ніякіх міжнародных ацэнак «Беларуськалія» пакуль не праводзілася. Наколькі гэта сума адэкватная стратэгічнаму кошту «Беларуськалія» і ягонаму кошту на сёньняшні момант?

Крук: Цана будзе залежыць ад бягучых рынкавых умоваў — у цэлым і непасрэдна на рынку калійных угнаеньняў. Таму не выпадае казаць, што 30 мільярдаў — гэта назаўсёды. Тут трэба ўлічваць, што калі пачнецца глябальная рэцэсія, гэтую цану давядзецца зьніжаць, нават калі ў найбольш спрыяльны пэрыяд яна, можа, і адпавядае рыначнаму ўзроўню.

Віталь Цыганкоў

http://www.svaboda.org/content/article/24415927.html




by Dr. Radut.