Jump to Navigation

Малако, «дашырак» і вайсковая тэхніка

Па выніках сустрэчы з інданезійскім прэзідэнтам Сусілё Бамбанґ Юдаёно, якая адбылася 19 сакавіка ў Джакарце, Беларусь заключыла кантракты на экспарт самага шырокага спектру тавараў. Беларусь абяцае «заліць Інданезію малаком» і накарміць лопшынаю хуткага прыгатавання. Усё гэта ў гарады Інданезіі даставяць беларускія «МАЗы». Апроч гэтага Менск спадзяецца распачаць супрацу ў абарончай сферы.

Паводле вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, гэтая прапанова не ёсць выпадковым бонусам да малочных рэкаў і «дашыраку». Вялікі інтарэс у Інданезіі могуць выклікаць беларускія сістэмы радыёлакацыі, аўтаматычнага радыёлакацыйнага распазнання класаў ды тыпаў цэляў і сістэмы СПА.

«Кіраўнік краіны не кажа экспромтам — працэс распрацоўвання гандлёвага збройнага пакету для Інданезіі пачаўся 7–8 месяцаў таму. Да таго ж летась у лістападзе на выставе ўзбраенняў у Джакарце беларускі стэнд выклікаў значную зацікаўленасць міністра абароны Інданезіі», — зазначыў знаўца.

Улічваючы тое, што для такой супрацы трэба больш навуковыя рэсурсы, чымся транспартныя, ажыццяўленне інтарэсаў не створыць праблемаў далёкім ад сябе краінам. Чаму Інданезіі цікавая Беларусь?

Як зазначыў адмыслоўца, такія краіны, як Францыя, Вялікабрытанія ды Ізраіль не дзеляцца сваймі тэхналогіямі, бо асцерагаюцца, што яны трапяць у рукі іх праціўнікаў. У сваю чаргу Беларусь можа прапанаваць шырокі выбар вайсковай тэхнікі, у тым ліку і розныя аптычныя сістэмы па зандаванні Зямлі, але дакладны спіс прадукцыі застаецца невядомы.

Беларусь не аднойчы абвінавачвалі ў незаконным імпарце зброі. Гэтак, у 2006 годзе тагачасны прэзідэнт ЗША Джордж Буш перадаў у Кангрэс адмысловы даклад, дзе сцвярджалася, што Менск прадае зброю ў краіны, якія падтрымліваюць міжнародны тэрарызм. Сёлета праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» абвінаваціла Беларусь і Расею ў імпарце авіяцыйных ракетаў С-8 і штурмавікоў Су-25 у Судан, на які наклала санкцыі ААН. Аднак дагэтуль не ўдалося давесці віны Менску ў аніводным эпізодзе нелегальнага продажу ўзбраення.

А.Я.

http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,13111,malako-dashyrak-i-vaiskovaia-tekh...




by Dr. Radut.