Jump to Navigation

Колькі б ня ставілі ля абменьнікаў людзей у пагонах — бескарысна

Рэзкае падаражэньне валюты ажыятаж ня спыніла: людзі гатовыя набываць даляры ці эўра нават па дэвальвацыйных коштах, але ў абменных пунктах ахвотным прадаюць толькі тое, што здаюць іншыя кліенты. Зрэшты, паўтараецца сытуацыя трохгадовай даўніны — валюту перахопліваюць саматужныя пасярэднікі, якія даюць на 3-4 тысячы рублёў за даляр больш, чым выстаўляюць банкі.

Пры канцы мінулага тыдня старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова запэўніла, што на пачатку тыдня валюта ў абменных пунктах абавязкова зьявіцца — маўляў, падвышаны попыт павінен зьбіць абавязковы банкаўскі збор, які пераўтварае цяперашні афіцыйны курс з 11 тысяч рублёў за даляр у больш чым 14 тысяч.

Аднак на ўласныя вочы давялося пераканацца, што абяцаныя самалёты з валютай у Беларусі так і не прызямліліся. У офісным комплексе Sky Towers месьцяцца офісы шэрагу банкаў, на першым паверсе працуюць іх абменныя пункты. Некалькі чалавек пры мне запыталіся, ці можна набыць даляры альбо эўра «з нацэнкай», але ў адказ гучала адно — пакуль яшчэ ніхто не здаваў. Выглядае, што задача перанакіраваць валютныя рэзэрвы ў касы не стаіць, задаволіць попыт мусяць самі ж кліенты. Зрэшты, гэта пацьвердзіў і прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, які напярэдадні заявіў, што няма мэты забясьпечыць валютай усіх, хто кінуўся штурмаваць банкаўскія ўстановы. Ахвочых прадаць банкам валюту па сабекошце не відаць.

Дык ці дзейсныя захады ўраду і Нацбанку, якія нібыта стрымліваюць дэвальвацыю, але не вырашаюць праблему панічных настрояў у грамадзтве? Даведацца пра гэта можна ў артыкуле Ігара Карнея на сайце Радыё Свабода.

http://www.svaboda.org/content/ciarescanka-kolki-b-nia-stavili-lia-abmiennikau-liudziej-u-pahonach-bieskarysna/26756764.html




by Dr. Radut.