Jump to Navigation

Бабруйск: Сябраў свабоднага прафсаюзу пазбавілі дадатковых выплатаў

Сярод якіх — матэрыяльная дапамога да адпачынку, у выпадку нараджэння дзіцяці ці смерці некага з блізкіх, прэмія да Дня машынабудаўніка і юбілеяў. Паводле новай калектыўнай дамовы, заключанай з працаўнікамі заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) права на гэтыя выплаты маюць толькі чальцы афіцыйнага прафсаюзу.

20 сакавіка на заводзе адбылася канферэнцыя з удзелам старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанідам Козікам, у ходзе якой прынялі новую калектыўную дамову на 2013–2016 гады паміж адміністрацыяй прадпрыемства і прафсаюзам Аўтасяльгасмашынабудаўніцтва (АСМ).

Як паведамляў раней «Белсат», кіраўніцтва заводу ТДіА з пачатку гэтага года мэтанакіравана імкнулася не дапусціць Свабодны прафсаюз беларускі да перамоваў аб заключэнні новай калектыўнай дамовы. Што ў выніку і адбылося — дамову заключылі без удзелу СПБ.

«Завод запатрабаваў ад нас пацвердзіць нашую прадстаўнічасць, на што, па сутнасці, не мае права. Але ж мы выканалі ўсе іхныя незаконныя патрабаванні, — распавядае старшыня суполкі СПБ Міхаіл Кавалькоў. — 13 сакавіка ў адміністрацыю накіравалі апошні ліст з усімі неабходнымі дакументамі. Але нас не тое, што не дапусцілі да перамоваў, мы нават адказу на гэты ліст не атрымалі».

Працавалі — усе, даплаты і фізкультурны комплекс — афіцыйнаму прафсаюзу

Паводле спадара Кавалькова, згодна з новаю калектыўнаю дамоваю чальцы прафсаюзу СПБ, а таксама працаўнікі, якія ўвогуле не ўваходзяць у ніводзін з прафсаюзаў, не будуць атрымліваць выплатаў да юбілеяў, святочных дат, значных сямейных падзеяў, як нараджэнне дзіцяці ці смерць некага з блізкіх. Прапісаная ў дамове і нягласная дагэтуль забарона несябрам прафсаюзу АСМ карыстацца фізкультурна-аздараўленчым комплексам.

Дамову яшчэ не зацвердзілі ў гарвыканкаме, і Міхаіл Кавалькоў спадзяецца, што да гэтага не дойдзе. «Адміністрацыя заводу і прафсаюз АСМ заключылі паміж сабою злачынную змову. Калі выканкам зацвердзіць гэтую абсурдную і незаконную дамову, то ён папросту далучыцца да змовы», — зазначае лідар СПБ, звяртаючы ўвагу, што новая дамова мае ў сабе непрыхаванае парушэнне Закону аб прафсаюзах, які абавязвае кіраўніцтва заводу ўступіць у перамовы з незалежным прафсаюзам, а таксама артыкулу 14 Працоўнага кодэксу, у якім забараняецца дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыналежнасці.

«Усё, што адбываецца — гэта яшчэ адзін крок уздзеяння на наш прафсаюз, каб запужаць людзей і прымусіць іх выйсці з СПБ», — лічыць спадар Кавалькоў.

Аляксандр Ярашук, фота belsat.euСтаршыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук падкрэслівае, што мае месца відавочнае парушэнне правоў працаўнікоў. «Усё, што робіцца на прадпрыемстве — робіцца высілкамі ды інтэлектам усіх працаўнікоў, і таму тут няма ніякай логікі: усе разам працавалі, а канчатковы прадукт размяркоўваецца толькі на адну групу, няхай сабе і пераважную — на прафсаюз АСМ. Мы не пакінем гэта па-за ўвагаю і будзем звяртацца ў адпаведныя інстанцыі, каб паўплываць на сітуацыю. Мы спадзяемся, што голас розуму пачуюць і дамову паправяць — з яе скрэсляць моманты, што парушаюць правы працаўнікоў», — зазначае старшыня БКДП.

Дырэктар заводу ТДіА Аляксандр Аграновіч каментаваць сітуацыю адмовіўся.

Палітыка знішчэння

Яшчэ на пачатку сакавіка кіраўніцтву заводу накіравала ліст Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў з пратэстам супраць дыскрымінаціі свабоднага прафсаюзу і заклікам да нармалізацыі сітуацыі з правамі працаўнікоў. «У адваротным выпадку, — зазначаецца ў лісце. — МКП будзе вымушаная ўжыць у дачыненні службовых асобаў прадпрыемства міжнародныя механізмы ўздзеяння». Адміністрацыя заводу ліст праігнаравала.

Аляксандр Ярашук заўважае, што сітуацыя з незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі апошнім часам увогуле абвастрылася. «Вядзецца ўжо не толькі пра ТДіА ў Бабруйску. Ведаем, што літаральна тыдзень таму звольнілі кіраўніка суполкі СПБ на „Шкловалакне“ ў Полацку, памятаем нядаўнюю расправу са свабодным прафсаюзам на „Граніце“ у Мікашэвічах... Мы ацэньваем гэта не як не звязаныя паміж сабою выпадковыя моманты, а не інакш як мэтанакіраваную палітыку знішчэння незалежных прафсаюзаў».

Старшыня БКДП мяркуе, што ўсё гэта звязанае з тым, што ўлады Беларусі не могуць ужо трымаць пад кантролем сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне, напружанне ў грамадстве расце, і на гэтым фоне незалежныя прафсаюзы ўспрымаюцца як пагроза.

Марына Маўчанава

http://belsat.eu/be/wiadomosci/a,13248,babruisk-siabrau-svabodnagha-praf...




by Dr. Radut.